НО́РМЫ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ прадпісанні, агульнапрызнаныя правілы, прынцыпы, узоры паводзін або дзеянняў індывідаў ці груп у грамадстве. Адлюстроўваюць пазітыўныя (прадпісанні) і негатыўныя (забарона) характарыстыкі дзеянняў. На аснове Н.с. забяспечваюцца ўпарадкаванасць, рэгулярнасць сац. ўзаемадзеянняў індывідаў і груп. Паўтаральнасць сац. узаемадзеянняў дае магчымасць індывідам прадбачыць дзеянні іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і паводзіць сябе адпаведна. Мараль і права — найб. важныя сферы нарматыўнай рэгуляцыі паводзін і дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін (гл. Норма права, Нормы маральныя). Н.с. бываюць універсальныя (датычаць кожнага індывіда ў грамадстве) і прыватныя (датычаць пэўнай сферы дзейнасці, статуснай пазіцыі, сац. ролі і інш.), а таксама неразвітыя, «мёртванароджаныя», нормы-фікцыі і нормы-фантомы. Адрозніваюць Н.с. паводле спосабу фіксацыі (фармальныя і нефармальныя, вусныя і пісьмовыя), ступені абагульненасці (узоры пэўнага дзеяння або агульныя прынцыпы дзейнасці), універсальнасці дзеяння (спецыфічныя або агульназначныя правы і абавязкі). Выкананне Н.с. забяспечваецца шляхам іх інтэрналізацыі (ператварэнне знешніх патрабаванняў ва ўласную звычку, патрэбу), якая адбываецца ў працэсе сацыялізацыі індывіда або за кошт інстытуцыялізацыі (уключэнне ў структуру грамадства) і сац. кантролю. Нарматыўная рэгуляцыя бывае традыцыйнай, калі крытычныя адносіны да Н.с., прынятых у дадзеным грамадстве, недапушчальныя або праследуюцца санкцыямі, і рацыянальнай, калі развіццё і абгрунтаванне новых Н.с. становіцца важнай задачай. Новыя Н.с. павінны адпавядаць аб’ектыўным умовам развіцця эканомікі, навукі, грамадства і інш. Адсутнасць або знікненне Н.с. наз. анаміяй (паводле Э.Дзюркгейма), іх парушэнне — дэвіяцыяй (гл. Дэвіянтныя паводзіны).
Літ.:
Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;
Плахов В.Д. Социальные нормы: Филос. основания общей теории. М., 1985;
Пеньков Е.М. Социальные нормы: основания общей теории. М., 1985.
Р.Ч.Лянькевіч.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)